Перейти к содержимому (нажмите Enter)
Наша история
Вёска Новамаркавічы была заснавана ў 1885 годзе. А адбывалася гэта так.
Каля 40 кіламетраў ад Гомеля знаходзіцца вёска Дабранка (зараз яна на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці). У сярэдзіне мінулага стагоддзя гэта вёска аказалася перанаселена. Частку жыхароў мясцовы памешчык Барыс Сцяпанавіч Тамацін перасяліў у вёску Маркавічы (зараз у Гомельскім раёне, у тыя часы – Гомельскі ўезд Магілёўскай губерні). Там сяляне павінны былі займацца нарыхтоўкай клёпкі.
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе многія сяляне атрымалі надзею пазбавіцца ад памешчыцкай кабалы, набыць уласную зямлю і заняцца гаспадаркай.
6 сакавіка 1885 года мара некаторых сялян вёсак Маркавічы, Гадзічава і Глубоцкага збылася: яны выкупілі ў свайго памешчыка дальняе памесце Мікулічы, якое знаходзілася ў Рэчыцкім уездзе Мінскай губерні (зараз у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці). Гэта памесце Тамацін набыў яшчэ ў 1873 годзе ў горвальскай памешчыцы Марыі Раманаўны Халадкоўскай. За памесце сяляне заплацілі ў складчыну 15000 рублёў. Найбольшую долю грошай склалі паі Гаўрылы Сямёнавіча Яўтушкова і Мітрафана Сцяпанавіча Біруля. Астатнія сем’і ўнеслі невялікую суму грошай, што і было ўлічана пры падзеле зямлі. У ліку пакупнікоў зямлі было 15 сем’яў з вёскі Маркавічы, з суседніх вёсак Гадзічава – 4 сялянскія сям’і і 12 сем’яў з Глубоцкага.
З Маркавіч:
Гаўрыла Сямёнавіч Яўтушкоў,
Мітрафан Сцяпанавіч Біруль,
Васіль Трафімавіч Котаў,
Яўмен Трафімавіч Котаў,
Пятро Іванавіч Рабцаў,
Самойла Міронавіч Бяляеў,
Андрэй Філіпавіч Падвальнікаў,
Патап Карнеевіч Уласікаў,
Якаў Іванавіч Раманенка,
Ілья Сцяпанавіч Дзёш,
Сцяпан Васільевіч Уласікаў,
Еўдакім Антонавіч Лапека,
Стратон Навумавіч Каробкін,
Яфрэм Іванавіч Карэбін.
З вёскі Гадзічава:
Варсанофій Афанасьевіч Сарокін,
Сергій Сцяпанавіч Зайцаў,
Цімафей Якаўлевіч Мальцаў,
Фёдар Ігнатавіч Кейзераў.
З вёскі Глубоцкае:
Конан Паўлавіч Чайдакоў,
Аляксей Сцяпанавіч Любіч,
Ельпідор Іванавіч Пашнікаў,
Фёдар Антонавіч Крукаў,
Дзмітрый Кузьміч Смолікаў,
Фёдар Еўдакімавіч Каўшароў,
Філат Сцяпанавіч Смолік,
Осіп Пятровіч Каўшароў,
Іван Сямёнавіч Кісель,
Міна Пятровіч Грапаў,
Цімафей Мікалаевіч Карпушэнкаў,
Раман Дзмітрыевіч Шупруноў,
Фёдар Карнеевіч Герасенка.
Нялёгка было дабірацца перасяленцам на новыя землі. Мала хто ехаў на конях, валах, у асноўным ішлі пешшу, з малымі дзецьмі на закорках. Большыя ішлі, трымаючыся за матчыну юбку ці бацькавы штаны. А сем’і ў тыя часы былі вялікія – па 10-15 дзяцей у кожнай.
Жыхары бліжэйшых вёсак Мікулічы, Зломнае і Жырхаўка не дазвалялі перасяленцам укараняцца на гэтай тэрыторыі. Прыйшлося залажыць лес купцу на тры гады і заплаціць ім грошы, каб скласці акт аб дазволе на будаўніцтва.
Зараз не верыцца, што ўсяго сто гадоў назад на месцы нашай вёскі, там, дзе зараз палі, як вокам кінуць, быў дрымучы лес з векавымі соснамі. Тры мужчыны не маглі абняць ствол такой хвоі. А ў наш час вакол Новамаркавіч – палі, да бліжэйшага лесу – кіламетры чатыры. У 1885 годзе было толькі каля 1 гектара пахатнай зямлі. Астатняе – лясы, балоты, дрыгва. Ды і людзі ў той час былі не такія, як зараз. Бабулі ўспамінаюць: “Самай страшнай лаянкай былі словы “песся мяса” (сабачае мяса), і то іх можна было пачуць толькі тады, калі чалавек быў у страшным гневе. Моцных напояў не ўжывалі. Калі і быў у вёсцы п’яніца, дык яго ведалі ва ўсіх суседніх вёсках. Людзі ў Новамаркавічах былі набожныя. Жанчыны нават хадзілі ў Кіеў, каб памаліцца за здароўе сваіх блізкіх. Такія вось людзі пабудавалі нашу вёску.
Перш за ўсё дамовіліся з купцом, каб ён даваў па сорак дзесяцін лесу для распрацоўкі. У хуткім часе ў лесе прабілі вуліцу, раскарчавалі месца для сядзіб. Спачатку будавалі паўзямлянкі, курані, кожны на сваім участку. Летам вялі распрацоўку, а на зіму з’язджалі ў старыя Маркавічы.
Аднойчы, калі людзі вярнуліся для таго, каб працягваць будаваць вёску, выдалася незвычайна цёплая, нават жаркая вясна. З дрымучых балот падняўся смурод і новае няшчасце звалілася на пасяленцаў – эпідэмія сібірскай язвы. Улады тут жа адрэагавалі на гэту трагедыю: паліцыя ацапіла ачаг эпідэміі і нікога не ўпускалі і не выпускалі з вёскі. Бездапаможныя сяляне мёрлі, як мухі. Але ў аднаго з маркаўцаў – Варсанофія Афанасьевіча Сарокіна быў у Жлобіне знаёмы ваенны фельшар Задзвіжын. Сарокін змог прабрацца праз ахову і прывёў урача ў Новамаркавічы. Фельшару ўдалося спыніць эпідэмію і выратаваць людзей. Але жыхары вёскі Горваль, якія пад час эпідэміі былі побач, данеслі ўладам пра дзейнасць фельшара Задзвіжына. Улады вырашылі арыштаваць і пасадзіць медыка ў турму. У адчаі маркаўцы павыганялі ўсіх горвальцаў з вёскі і далі зарок, што ў гонар выратавальніка яны будуць кожны год адзначаць свята Казанскай Богамацеры. Гэта традыцыя шануецца і ў нашы дні.
У 1892 годзе сяляне сабралі па 200 рублёў з кожнага двара і пачалі будаўніцтва царквы. Работа спорылася і ў хуткім часе будынак быў ужо гатовы. Маркаўцы сталі часценька туды хадзіць і правяраць якасць новабудоўлі. Ім вельмі падабалася крычаць “Ту –у” і слухаць заціхаючае рэха пад столлю царквы. Так за маркаўцамі замацавалася мянушка “тукаўцы”, якая бытуе і ў сённяшні дзень.
З тых часоў дайшла яшчэ адна гісторыя пра жыхароў Новамаркавіч. Нібы на даху царквы вырасла трава. Але бацюшка строга загадаў ні ў якім разе не скідваць яе, бо гэта грэх. Аднак можна было зрабіць так, каб гэту траву з’ела жывёла. Сабраліся тукаўцы, пакумекалі і прывялі вала… абвязалі вяроўкамі і пацягнулі яго на дах царквы, каб з’еў траву. Суседзі-жырхаўцы за жываты браліся ад смеху, ледзь па зямлі не качаліся. Нарэшце і поп не вытрываў, прызнаўся, што пажартаваў. Праўда гэта, ці не, але і праз стагоддзі жыхары вёскі Жырхаўка кпяць з маркаўцаў.
Старастам у тыя часы быў у Новамаркавічах Сяргеенка Фёдар Карнеевіч. Ён склікаў сход для вырашэння пытання – дзе і як вучыць дзяцей. Вырашылі ўсёй вёскай будаваць школу, а пакуль што вучыць дзяцей у царкоўнай старожцы за сродкі, сабраныя ад насельніцтва. Першым настаўнікам у вёсцы быў абраны Падвальнікаў Андрэй Андрэевіч, які меў пачатковую адукацыю. Плацілі яму па 30 рублёў за зіму і кармілі ў залежнасці ад колькасці вучняў. Праз тры гады на змену Андрэю Андрэевічу прыйшла настаўніца Наркевіч Серафіма Сцяпанаўна. Затым у Новамаркавічах настаўнічалі Каробкін Іосіф Стратонавіч і Бяляеў Патап Мапкавіч, апошні потым стаў дацэнтам Мінскага медінстытута.
У 1912 годзе была адкрыта школа на дзяржаўныя сродкі і ў вёску прыслалі першую настаўніцу з педагагічнай адукацыяй – Давідовіч (на жаль, імя і імя па бацьку не захаваліся). Школьнае памяшканне было ўжо цесным. Школу наведвала каля 40 дзяцей, таму прыйшлося ўзяць у арэнду дом Мальцава Фокі.
У 1914 у Новамаркавічах была створана ячэйка сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Яе арганізатарам быў Кейзераў Кірыл Паўлавіч. Актыўнымі членамі былі Ігнацін С.С., Каробкін І.С., Чайдакоў В.І. Яны распаўсюджвалі газеты “Іскра”, “Праўда”. Царскія ўраднікі падвяргалі ганенням актывістаў, асабліва Кірыла Гаўрылавіча Кейзерава. Ён быў вымушаны пераехаць у вёску Свецкае, дзе працягваў сваю работу. Кірыл Гаўрылавіч пазней быў арыштаваны і замучаны акупантамі.
Ляцелі гады, вёска расла. Людзі “наступалі” на лясы, змагаліся з балотамі. Па колькасці насельніцтва Новамаркавічы ўжо абганялі суседнія вёскі – Жырхаўку, Зломнае, Кабанаўку.
Пасля падзей 1917 года ўлада ў вёсцы перайшла да Камітэта беднаты, які ўзначаліў Сяргеенка Трыфан Фёдаравіч. У склад Камбеда ўваходзілі: Сяргеенка Пётр Фёдаравіч, Біруль Якаў Карнеевіч, Нікалаенка Кандрат Фёдаравіч, Шчарбакоў Улас Ільіч.
У 1927 годзе ў вёсцы было пабудавана новае памяшканне пад школу на тры класныя пакоі і кватэра для загадчыка. Але гэта была яшчэ пачатковая школа і памяшканне адпавядала колькасці вучняў.
7 лістапада 1929 года ў Новамаркавічах быў створаны калгас “Імя 12-годдзя Кастрычніка”. Першапачаткова ў калгас уступілі: Сяргеенка Т.Ф., Мальцаў М.Ф., Сяргеенка З.Ф., Сяргеенка П.Ф., Сяргеенка П.К., Біруль Я.К., Чахоўскі І.І., Чахоўскі Г.І., Чахоўскі А., Капскі П. і некаторыя іншыя. У першую ж вясну далі план здаць у калгас для пасеву 11 пудоў зернавых і 20 пудоў бульбы. Калі насенне было сабрана, калгаснікі адправіліся ў поле рыхтаваць глебу для пасеву. Жанчыны з плачам перашкаджалі мужам працаваць. Яны цапляліся за коней, лажыліся наперадзе і галасілі. Давялося старшыне калгаса Сяргеенку Трыфану Фёдаравічу пусціць у ход усё сваё арганізатарскае майстэрства, каб іх супакоіць.
У гэтым жа годзе былі раскулачаны і рэпрэсіраваны Пашнікаў Давыд Епіхоравіч, Пашнікаў Іван Епіхоравіч, Раманенка Самсон Якаўлевіч, Карэбін, Пазняковы Сямён, Касцей і Марыя. У 1931 годзе рэпрэсіравалі святара Сурміла Дзяменція. У яго дом перамясцілі школу. У 1937-1938 гадах па беспадстаўнаму даносу былі рэпрэсіраваны Бяляеў Лявон Маркавіч, Мальцаў Мікалай Фокавіч, Падвальнікаў Лявон Аўрамавіч, Смолікаў Антон Георгіевіч. Усе яны пазней былі рэабілітаваны, але многія так і не дажылі да гэтага. Пра многіх з людзей няма ніякіх звестак з моманту арышту і да сённяшняга дня.
Да 1933 года ў калгас былі вымушаны ўступіць усе жыхары вёскі: быў здадзены ўвесь сельскагаспадарчы інвентар, маёмасць была абагулена. На карысць калгаса пайшла канфіскаваная маёмасць раскулачаных і рэпрэсіраваных. Калгаснікі працавалі супольна. Атрымлівалі на працадні збожжа, садавіну, агародніну, сена, салому, грошы. Першы трактар у вёсцы з’явіўся ў 1930 годзе. Гэта быў “Фардзон-Пуцілавец” (Пуцілавецкага завода ў Ленінградзе). Недалёка ад вёскі арганізавалі машынна-трактарную станцыю (Каменская МТС). Яна была ўкамплектавана трактарамі “ХТЗ”, “Інтэр” – Харкаўскага завода (калёсныя трактары малой магутнасці, здольныя цягнуць 2-корпусныя плугі).
Да вайны ў калгасе мелася 48 коней, 50 кароў. Масла збівалася на месцы, бо працавала свая маслабойня. Арганізавалі свінаферму на 10 свінаматак. У 1933 годзе быў закладзены буднецка-маркаўскі сад, арганізавана пасека на 40 вулляў, былі пабудаваны зернесховішча і ферма.
Пасля Сяргеенка Т.Ф. старшынёй калгаса стаў Мальцаў М.Ф., затым яго змяніў Гарадзецкі Давыд. Пад яго кіраўніцтвам калгас стаў перадавым па ўсім паказчыкам. Гаспадарка спецыялізавалася па вырошчванні збожжа, грэчкі, табака і коксагыза (расліна, з якой здабываюць каўчук для вытворчасці гумы). Да вайны калгас “Імя 12-годдзя Кастрычніка” лічыўся самай зажытачнай гаспадаркай раёна.
У 1930 годзе пачатковая школа была рэарганізавана ў сямігадовую. На 1930/1931 навучальны год было пададзена ад жадаючых вучыцца ў пятым класе каля ста заяў. Да прыёму такой колькасці вучняў школа не была падрыхтавана: не хапала класных памяшканняў нават пры пераходзе на заняткі ў дзве змены. Школа вымушана была арандаваць прыватны дом для малодшых класаў.
У 1931 годзе быў узведзены яшчэ адзін будынак школы на два класныя пакоі. З часам і гэтага стала недастаткова. Школа расла, колькасць вучняў павялічвалася. У той час на тэрыторыі Новамаркавіцкага сельсавета была толькі наша школа сямігадовай, таму да нас хадзілі дзеці з Жырхаўкі, Вінаградава, Прыбудка, Калінаўкі, Закарава, Зломнага, Радуціна, Кавалёўкі, Мікуліч.
Вучняў налічвалася звыш 300 чалавек. У 1939 годзе Новамаркавіцкая сямігадовая школа была рэарганізавана ў сярэднюю школу. У гэтым жа годзе быў утвораны Стрэшынскі раён. Такім чынам у Стрэшынскім раёне наша школа стала трэцяй па ліку сярэдняй школай пасля Стрэшынскай і Мормальскай.
Жырхаўская пачатковая школа стала сямігадовай школай. У Жырхаўку хадзілі вучыцца дзеці з Вінаградава. Гэта ў некаторай ступені аблегчыла нагрузку на Новамаркавіцкую сярэднюю школу. Першага выпуска дзясятага класа не было. Пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Вучні, якія закончылі 9 класаў у 1941 годзе, пайшлі на фронт, на абарону Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З вёскі ў Чырвоную Армію было прызвана 93 мужчыны, якія са зброяй у руках на смерць стаялі, змагаючыся з акупантамі. Назаўсёды засталіся ляжаць на палях баёў 71 наш аднавясковец. Партрэты тых, хто ніколі ўжо не вернецца, размешчаны на стэндзе ў кабінеце гісторыі ДУА “Новамаркавіцкі ВПК д/сад-школа Жлобінскага раёна”. Іх імёны свята шануюцца школьнікамі і жыхарамі вёскі і па сённяшні дзень. Так, напрыклад, піянерская дружына носіць імя нашага аднавяскоўца, Крукава Мікалая Міхайлавіча, аднаго з тых, хто аддаў сваё жыццё за вызваленне роднага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб яго жыцці захавалася няшмат звестак, аднак і гэтага хапае, каб шанаваць яго светлае імя і па сённяшні дзень.
Крукаў Мікалай Міхайлавіч 1892 года нараджэння разам з жонкай Крукавай Праскоўяй Маркаўнай 1886 года нараджэння ўсё жыццё пражылі ў вёсцы Новамаркавічы. Мелі чатырох дзяцей: Серафіма 1917 г. н. – настаўніца; Мікалай 1924 г. н. – лётчык; Васілій 1929 г. н. – хірург і Ніна 1938 г. н. – фельшар.
У час вайны Крукаў Мікалай па заданні партызанаў стаў старастам. Родныя былі супраць яго назначэння, але крыху пазней брат Бяляеў Васіль Леанідавіч прыйшоў з галоўнакамандуючым і растлумачыў членам сям’і неабходнасць такога назначэння. Старастам павінен быў стаць смелы, адважны і разважлівы чалавек. Пералічанымі якасцямі якраз і валодаў Мікалай Міхайлавіч.
У той час было неспакойна. Са Стрэшына часта прыязджалі немцы. Людзям прыходзілася аддаваць ім збожжа, бульбу, шыць буркі, фуфайкі і інш. Аднойчы, калі зноў неабходна было збіраць рэчы немцам, Мікалай Міхайлавіч папярэдзіў мясцовых жыхароў, і тыя схавалі ўсё самае дарагое, каб доўгімі гадамі накопленая маёмасць не папала ў варожыя рукі.
Вось што расказвае ўнучка Ірына, дачкі Серафімы.
“Мне вельмі запомніўся адзін выпадак перад самым прыходам нашых войск у 1943 годзе. Нечакана прыехалі немцы. Дзядуля схаваўся ў павеці пад бочкаю. Немцы там яго не знайшлі і выйшлі на вуліцу, пасля чаго дзядуля вылез, але, на жаль, адзін з паліцаяў заўважыў яго і паведаміў каменданту. За гэта фашысты вельмі доўга білі дзядулю нагамі, а затым падхапілі, нібы анучу, і пацягнулі на машыну. Мы ўсе стаялі і плакалі. Уся вёска была ахоплена нашым горам, бо ўсе паважалі дзядулю за яго мужнасць, дабрыню і справядлівасць, адзыўчывасць і міласэрнасць. Праз тры дні дзядзя Вася паехаў на кані ў Стрэшын і забраў яго. Дзядуля не быў на сябе падобны: варожыя рукі змардавалі яму твар, перабілі ўсё, што толькі можна было, аднак вочы яго не былі расчараванымі і сумнымі, хутчэй наадварот, яны як і раней былі поўныя веры і надзеі ў перамогу. Дзядуля доўга ляжаў на ложку, яму цяжка было хадзіць: балела левае калена. І гэтае пасіўнае правядзенне часу гняло яго, ён рваўся ў бой, яго душа жадала помсты і расплаты не толькі за сябе, а за ўсіх землякоў. У канцы 1943 года прыйшоў ліст з фронта, які яшчэ больш распаліў жаданне адпомсціць. У лісце паведамлялася, што яго сын Мікалай, які быў лётчыкам, загінуў у баі. Дурная звестка дапамагла хутчэй устаць з пасцелі. З таго моманту ён жыў часам расплаты за кроў сына і сваіх суайчыннікаў. І гэты час настаў. Прыйшлі нашыя войскі, і дзядуля пайшоў на фронт, дзе і загінуў у 1944 годзе”.
Наша піянерская дружына ганарыцца тым, што носіць імя такога смелага, адважнага і мужнага чалавека, сапраўднага патрыёта сваёй зямлі.
У час вайны калгасная гаспадарка была разграблена фашыстамі, палову дамоў спалена паліцаямі. У вёсцы засталіся жанчыны, дзеці і старыя. Некаторыя жыхары мелі сувязь з партызанамі і дапамагалі апошнім.
Пасля заканчэння вайны, сяляне, якія засталіся ў жывых, арганізавалі калгас і далі яму назву “Калгас імя Панамарэнка”. З буйнога рагатага ската ў калгасе было тры быкі і адна карова. У першую пасляваенную вясну калгаснікі аралі глебу сабою ці ўскопвалі палі рыдлёўкамі. Пазней дзяржава дала коней, арганізавалі МТС, пачалі наладжваць гаспадарку.
1 студзеня 1944 года пачала працаваць школа. Некаторыя выхаванцы школы дайшлі да логава фашызма – Берліна, пакінулі свае подпісы на сценах Рэйхстага. Многія выпускнікі школы склалі свае галовы ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі: браты Чайдаковы, Міхаіл і Рыгор, Карэбін, Лагімахаў, Згурскі, Кожанаў, Крукаў, Ерафееў, Пяцура, Чахоўскі і многія іншыя.
Вярнуліся дадому з перамогай і баявымі ўзнагародамі Капскі Г.П., Архіпенка Д., Чырвонцаў, Лушчакоў, Сяргеенка А.П., Карпенка Д.Х., Сяргеенка Е.Т. і многія іншыя.
Калі пачаліся заняткі ў школе, ажылі вучэбныя класы. Хоць і быў яшчэ цяжкі час, ішла вайна, але дзеці з натхненнем узяліся за вучобу. Не было сшыткаў – пісалі на газетнай паперы, паміж радкоў. Чарнілаў таксама не было, рабілі іх з соку буракоў. Адсутнічалі парты – рабілі прымітыўныя сталы. Не было шкла – вокны забівалі дошкамі. У вокнах было па адной-дзве шкліны. Не хапала настаўнікаў, яны былі яшчэ на фронце.
1945 год прынёс нашаму народу перамогу і 1945/1946 навучальны год пачаўся ў мірных умовах. Школа папоўнілася настаўніцкімі кадрамі. Многія настаўнікі вярнуліся з арміі: Кейзераў, Лагімахаў, Леўчык, Архіпенка, Бабкоў, Бундзін. Сталі паступаць падручнікі, з’явіліся сшыткі і школьныя прыналежнасці. Будынак школы адрамантавалі, прывялі ў парадак. Вучняў было шмат – 300 чалавек. Прыйшлося пераабсталёўваць школьныя пакоі: з двух зрабіць тры і кватэру дырэктара прыйшлося перабудаваць пад школьны кабінет. Але і гэтага не хапала. Пачатковыя класы займаліся ў памяшканні, якое здымалі ў жыхароў.
1947/1948 навучальны год – год першага пасляваеннага выпуска сёмага класа. Многія выпускнікі жадалі вучыцца далей, але не было памяшкання для таго, каб адкрыць 8 клас. Вучням прапанавалі паступаць у Стрэшынскую школу. Але вучні вырашылі пераабсталяваць пад класны кабінет школьны калідор, іх прапанову падтрымаў дырэктар школы. За 10 дзён сваімі сіламі стварылі клас і школа стала васьмігадовай.
У 1950 быў урачыста адмечаны першы выпуск вучняў 10 класа. Выпуск невялікі – 14 чалавек.
Цяжкімі былі пасляваенныя гады. Трэба было ствараць і падымаць сельскую гаспадарку. Вучні школы павінны былі не толькі вучыцца, але і дапамагаць калгасам. Кожны выхадны школа арганізавана выходзіла на сельскагаспадарчыя работы. У 1952 годзе Новамаркавіцкая школа праз раённую газету выступіла з пачынам пасадзіць і вырасціць па 10 гектараў сада. Сіламі вучняў былі пасаджаны сады ў калгасах “Беразіна” і “Звязда”.
Шмат работы лягло на плечы вучняў у будаўніцтве новага школьнага памяшкання. Вучні капалі траншэі, збіралі на палях камні для фундамента, вазілі цэглу, працавалі падсобнымі рабочымі, пераносілі дзясяткі тон шлака для ўцяплення стрэх, збівалі паталкі і сцялілі падлогу.
Кожны піянер школы быў замацаваны за двума галавамі маладняка на калгаснай ферме. Вучні старанна і добрасумленнапрацавалі. Гэта была сапраўдная сур’ёзная і вялікая дапамога калгасу. Вучні 8-9 класаў абслугоўвалі кромкаводчую ферму. 11 студзеня 1963 года школа ўвайшла ў новы будынак. Гэта была па-сапраўднаму знамянальная падзея. З цесных, маленькіх класаў выйсці на такі прастор!
У гэты час набірае сілу і гаспадарка калгаса “Беразіна”, у склад якога ўвайшлі населеныя пункты Новамаркавічы, Буда (Мікулічы), Жырхаўка, Вінаградава. За калгасам замацавана 4106 гектараў зямлі, 2768 гектараў угоддзяў, у тым ліку 653 гектары пастбішчаў, 1515 гектараў пахатных зямель, 576 гектараў сенакоса, 22 гектары сада . У калгасе мелася 1293 галавы буйнога рагатага ската. З пасляваеннага часу да нашых дзён калгас “Беразіна” (КСУП “Прыбудскі”) узначальвалі: Гузаў, Мядзвядзёў, Салдаценка, Касцюкевіч, Кулікаў, Саўчанка, Казанкоў, Багуноў Леанід Іванавіч, Шчарбакоў Васіль Міхайлавіч, Касцючэнка Міхаіл Канстанцінавіч, Насіраў Эльдар Махсумавіч.
У 1986 годзе пасля аварыі на ЧАЭС вёска Новамаркавічы была значна расшырана. Пад жыллё для перасяленцаў з забруджанай радыёнуклідамі зоны было ўзведзена 100 дамоў. Да гэтага часу ў выніку міграцыйных працэсаў колькасць насельніцтва вёскі значна паменшылася. Назіраўся вялікі адток моладзі ў прамысловыя цэнтры рэспублікі. Суседнія вёскі, такія як Закараў, Кавалёўка, Калінаўка наогул зніклі з карты раёна. У Новамаркавічы былі пераселяны жыхары з вёсак Ленпасёлак, Чапаеўка і Вуглы Нараўлянскага раёна.
У 2007 годзе Новамаркавіцкая сярэдняя школа рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Новамаркавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-школа Жлобінскага раёна”, у 2011 годзе ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Навамаркавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа Жлобінскага раёна”, у 2014 годзе ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Навамаркавіцкі дзіцячы сад-базавая школа Жлобінскага раёна”.
З 01.09.2022 ўстанова адукацыі функцыянуе як дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навамаркавіцкая базавая школа Жлобінскага раёна”. На сённяшні дзень у вёсцы функцыяніруюць ААТ “Жлобінскі Агратэхсервіс”, пераязная пошта, магазін, сельская бібліятэка, Навамаркавіцкі сельскі дом культуры, сельскі савет і ФАП.
Наши традиции
Наши достижения